Пастаўкі нафты па трубаправодзе "Дружба" прыпыненыя

Нафта, ілюстрацыйнае фота / t.me/Belorusneft_official/
Пастаўкі нафты па трубаправодзе "Дружба" прыпыненыя з 19 снежня. Прычынай сталі тэхнічныя праблемы, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў галіне.
Паводле звестак інфармагенцтва, праблема ўзнікла на помпавай станцыі Унеча ў Бранскай вобласці Расіі. у якія тэрміны ўдасца выправіць непаладкі, пакуль невядома. Адна з крыніц Reuters заявіла, што праблему можна будзе развязаць цягам некалькіх дзён. Другая крыніца мяркуе, быццам паставак не будзе да канца месяца.
У дзяржаўным канцэрне "Белнафтахім" у каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА пацвердзілі, што пастаўкі нафты па "Дружбе" прыпыненыя. Але пры гэтым дадалі, што беларускія НПЗ працуюць без перабояў.
"Пастаўкі нафты сапраўды прыпыненыя. У краіне створаны дастатковыя запасы для бесперабойнай працы НПЗ, абодва заводы працягваюць сваю стабільную працу, забяспечваючы адгрузкі нафтапрадуктаў у поўным аб'ёме як на ўнутраны рынак, так і на экспарт", — заявілі ў "Белнафтахіме".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.