У Крыме спынілі продаж бензіну для насельніцтва
Аўтаспын не дапаможа / kafanews.com
У анэксаваным Крыме цалкам спынены продаж бензіну для насельніцтва. Выключэнне зроблена толькі для дзяржаўных службаў і экстраных ведамстваў. Пра гэта заявіў прызначаны Расіяй кіраўнік паўвострава Сяргей Аксёнаў. Як доўга будуць дзейнічаць абмежаванні, пакуль не паведамляецца.
Дэфіцыт паліва на паўвостраве ўзнік пасля ўдараў УСУ па транспартнай інфраструктуры, у тым ліку па трасе Р-280 "Наваросія", якая з'яўляецца адным з асноўных сухапутных маршрутаў паміж Крымам і Растовам-на-Доне. На фоне праблем з пастаўкамі на многіх аўтазапраўках утварыліся шматкіламетровыя чэргі, а частка станцый абмежавала або спыніла адпуск паліва.
Крым адыгрывае важную ролю ў расійскай ваеннай лагістыцы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Паўвостраў выкарыстоўваецца як база для размяшчэння войскаў, авіяцыі і ракетных комплексаў, а таксама для падтрымкі аперацый на поўдні Украіны. У сувязі з гэтым украінскія сілы рэгулярна наносяць удары па ваенных і транспартных аб'ектах на тэрыторыі Крыма.