Жыхары Крыма скардзяцца на пустыя паліцы ў крамах
Пустая паліца ў Сімферопалі / Telegram
Жыхары Крыма пачалі скардзіцца на перабоі ў пастаўках у крамы і аб’явы пра абмежаванні на продаж некаторых прадуктаў. Паводле паведамленняў у мясцовых чатах і групах у сацыяльных сетках, якія заўважыла “Агентства”, праблемы назіраюцца з грэчкай, цукрам, рысам, мукой, макаронамі і некаторымі іншымі прадуктамі харчавання. Тым не менш, па словах трох жыхароў з розных частак паўвострава, з якімі пагутарыла выданне, перабоі пакуль не носяць паўсюднага характару.
Паведамленні пра пустыя паліцы пачалі з’яўляцца 5 чэрвеня. Акрамя гэтага жыхары паўвостарава выкладвалі ў сеціва здымкі з аб’явамі пра абмежаванні на продаж некаторых тавараў.
Часцей за ўсё такія паведамленні пісалі жыхары Севастопаля і Сімферопаля.
З 30 траўня ў Крыме назіраюцца праблемы з палівам на фоне атак украінскіх беспілотнікаў на федэральную трасу “Новоросія”, якая злучае Крым з Расіяй у абыход Крымскага моста.
Спачатку продаж бензіну на паўвостраве быў толькі абмежаваны, але з 4 чэрвеня яго цалкам прыпынілі. Цяпер паліва выдаецца толькі па раней выдадзеных талонах.