Папярэджанне кіраўніцтва Украіны — гэта не блеф: Латушка выступіў з заявай

Кіраўнік НАУ Павел Латушка — пра ўльтыматум у адрас Лукашэнку

Кіраўнік НАУ Павел Латушка — пра ўльтыматум у адрас Лукашэнку / LookByMedia

Заява прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага — гэта не проста палітычнае папярэджанне, а канстатацыя крытычнай кропкі, да якой рэжым Лукашэнкі давёў Беларусь, лічыць кіраўнік НАУ Павел Латушка, рэагуючы на ўльтыматум Зяленскага ў адрас Лукашэнкі.

Латушка называе тое, што адбываецца, "пераломным момантам" і падкрэслівае, што "апраўданні Лукашэнкі перад Украінай і міжнароднай супольнасцю больш не працуюць".

"Нельга заяўляць пра "мір", адначасова прадастаўляючы беларускія НПЗ для запраўкі расійскіх танкаў і дазваляючы размяшчаць рэтранслятары для навядзення ракет і ўдарных дронаў на жылыя дамы ў Кіеве і іншых гарадах Украіны", — кажа Латушка.

Папярэджанне кіраўніцтва Украіны ён лічыць не блефам, а "законным правам на самаабарону".

"Калі Украіна "сама здыме" расійскае ваеннае абсталяванне, уся віна за наступствы ляжа выключна на Лукашэнку", — сцвярджае кіраўнік НАУ.

Звяртаючыся да беларусаў, Павел Латушка заявіў, што "абсалютная большасць з вас супраць гэтай ганебнай вайны". Ён папрасіў не набліжацца да расійскай тэхнікі.

"Калі вы бачыце перамяшчэнне расійскіх комплексаў РЭБ, сувязі або радыёлакацыі — не падыходзьце да іх. Яны могуць стаць мэтай у любую хвіліну", — папярэджвае палітык.

Латушка заклікаў беларусаў праяўляць салідарнасць, дапамагаць адзін аднаму, "не паддавацца паніцы і дзяржаўнай прапагандзе, якая будзе спрабаваць распаліць нянавісць да ўкраінцаў".

"Наш вораг не Украіна. Наш агульны вораг — два дыктатары, якія дзеляць нашы народы дзеля асабістай улады", — нагадаў Павел Латушка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.