"Беларуськалію" не ўдалося зняць санкцыі праз Суд ЕС

"Беларуськалій"

"Беларуськалій"

Беларускаму калійнаму вытворцу не ўдалося аспрэчыць і зняць санкцыі Еўрасаюза.

18 чэрвеня 2026 года Суд ЕС вынес канчатковае рашэнне па аб’яднанай справе "Беларуськалія", ягонага экс-дырэктара Івана Галаватага і Беларускай калійнай кампаніі (БКК), якія хацелі зняць санкцыі і размарозіць актывы. Суд цалкам адхіліў апеляцыі.

Прадстаўнікі калійных вытворцаў спасылаліся на "невыразныя" фармулёўкі санкцыі і на тое, што прадпрыемствы нібыта проста займаюцца эканомікай. Аднак суд пастанавіў, што "рэжым Лукашэнкі" — гэта не абстрактны панятак, які цалкам адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці. Крытэрыі "падтрымкі рэжыму" і "атрымання выгады", як адзначыў суд, ахопліваюць любую асобу, якая надае фінансавую або матэрыяльную падтрымку рэжыму.

Такім чынам, Суд ЕС пацвердзіў, што выплата шматмільённых дывідэндаў ад "Беларуськалія" дзяржаве — гэта прамая фінансавая падтрымка рэжыму. БКК, як заявілі ў судзе, мае манапольнае права на экспарт і карыстаецца прэферэнцыямі ад дзяржавы. Экс-дырэктар "Беларуськалія" Галаваты за лаяльнасць рэжыму атрымаў месца у Савеце Рэспублікі, дзяржузнагароды з рук Лукашэнкі і ўвайшоў у "вузкае кола давераных асоб".

Таксама ў судзе звярнулі ўвагу на рэпрэсіі супраць работнікаў пасля выбараў 2020 года: "Супрацоўнікі "Беларуськалія", якія бралі ўдзел у забастоўках і мірных пратэстах, зазналі запалохванні і звальненні з боку кіраўніцтва кампаніі. Такім чынам, "Беларуськалій" нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.