Лукашэнка запрашае ўзбекскіх мігрантаў пераязджаць сем'ямі — з пакістанцамі не атрымалася
Мірзіёеў і Лукашэнка / БЕЛТА
Працоўныя мігранты з Узбекістана могуць пераязджаць у Беларусь разам з сем'ямі. Такую прапанову агучыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
"У нас узбекаў любяць, таму, перш чым пакістанцы, хачу, каб вашыя людзі да нас прыяжджалі семʼямі. У сельскай гаспадарцы мы даем жыллё, бясплатную адукацыю, ахову здароўя — як нашым беларусам умовы. У горадзе трэба трошкі пачакаць — і жыллё будзе", — цытуе словы Лукашэнкі выданне "Позірк".
Раней Лукашэнка запрашаў у Беларусь пакістанцаў. У красавіку 2025-га ён агучыў прапанову падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістана Шабхазам Шарыфам. Паводле Лукашэнкі, Беларусь была гатовая прыняць да 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана. Аднак за год беларускімі заробкамі спакусіліся лічаныя адзінкі з пакістанцаў.
Дарэчы, днямі мігрантаў з Узбекістана запрашаў у Беларусь і кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён ахарактарызаваў іх як працавітых і непітушчых.