ХК "Дынама-Мінск" шукае галоўнага трэнера праз біржу працы
Хакеіст "Дынама" / vk.com/hcdinamoby
Хакейны клуб "Дынама-Мінск" шукае галоўнага трэнера праз... біржу працы. Адпаведную абвестку заўважыла выданне "Трыбуна".
Кандыдату абяцаюць заробак у 3000-3500 рублёў (прыкладна 1000-1200 долараў). Пры гэтым прэтэндэнт павінен мець пяцігадовы досвед працы на такой ці падобнай пасадзе і валодаць англійскай мовай на сярэднім узроўні.
На гэтую абвестку ўжо з'едліва адрэагаваў расійскі спартовы журналіст Аляксей Шаўчэнка.
"Ніхто да вас не паедзе, адмовы ж ідуць. Вяртайцеся лепш да сваіх. Андрэй Скабелка даўно без працы, галодны, свой, любіць дранікі. З замежнікамі агульную мову знойдзе. Плюс з мясцовымі ведае, як размаўляць. Лепшага варыянту не знайсці. Чакаю падпісання", — параіў ён мінскаму клубу.