Брэсцкі аблвыканкам шукае ідэолага праз біржу працы
Чыноўнікі, ілюстрацыйнае фота / careerist.ru
Брэсцкі аблвыканкам шукае намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі. Абвестку пра вакансію апублікавала Дзяржаўная служба занятасці.
Сярод патрабавання для кандыдата — наяўнасць вышэйшай адукацыі і досвед працы ад трох гадоў, у тым ліку на кіруючых пасадах. Таксама будучы ідэолаг павінен ведаць заканадаўства, звязанае з інфармацыйнай і ідэалагічнай працай, валодаць навыкамі SMM-спецыяліста, ведаць, як праводзіць дзяржзакупкі "па пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі".
Плаціць новаму работніку абяцаюць ад 5355 да 5650 рублёў.
Гэта не першы выпадак у Беларусі, калі кандыдата на чынавенскую пасаду шукаюць праз біржу працы. Нядаўна гэткім жа чынам у Касцюковічах шукалі намесніка старшыні райвыканкама.