Суд адмовіўся разглядаць справу беларускі Іны Кардаш, абвінавачанай у шпіянажы на КДБ
Іна Кардаш / lookby.media
У Кіеве адбылося падрыхтоўчае пасяджэнне суда ў справе затрыманай беларускі Іны Кардаш. Як даведалася Радыё Свабода, пасяджэнне адбылося яшчэ 18 чэрвеня, але суддзя не змог пачаць працэс.
Высветлілася, што ў справе шмат матэрыялаў, пазначаных грыфам "сакрэтна" і не рассакрэчаных у вызначаным заканадаўствам парадку. Суддзя, які атрымаў справу праз аўтаматычнае размеркаванне, не мае доступу да такіх матэрыялаў. Таму ён звярнуўся да свайго кіраўніцтва з просьбай прызначыць іншага суддзю, які такі доступ мае.
Адначасова суд працягнуў утрыманне Іны Кардаш у Кіеўскім следчым ізалятары да 16 жніўня 2026 года. Вызваліць яе пад кругласутачны хатні арышт суд падставаў не знайшоў.
Як паведамлялася раней, журналістку Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня. Яе абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Камітэта дзяржбяспекі Беларусі.
На пачатку траўня ўкраінскі бок казаў, што Беларусь па неафіцыйных каналах звярталася з запытам наконт абмену Іны Кардаш.