Зяленскі заявіў, што рэтранслятары для дронаў на тэрыторыі Беларусі спынілі працу
Ультыматум спрацаваў? / LookByMedia
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што з 22 чэрвеня рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, якія выкарыстоўваліся падчас удараў расійскіх дронаў па Украіне, спынілі працу.
"Паводле наяўнай інфармацыі, якую мне далажыў галоўнакамандуючы, а таксама разведка, 22 чэрвеня адпаведныя рэтранслятары спынілі сваю працу на тэрыторыі Беларусі. Ці дэмантавалі іх ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі ўважліва сачу за сітуацыяй і штодня атрымліваю даклады. Факт, што рэтранслятары на сённяшні дзень не працуюць", — сказаў ён.
Нагадаем, 19 чэрвеня Зяленскі заявіў аб наяўнасці на тэрыторыі Беларусі рэтранслятараў, якія каардынуюць расійскія ўдары.
Паводле яго слоў, чатыры такія прылады размешчаны ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях і выкарыстоўваліся падчас удараў па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай абласцях, а таксама па энергетычнай інфраструктуры і чыгунцы Украіны.
Тады ж ён запатрабаваў ад Беларусі прыбраць абсталяванне на працягу тыдня.
Аляксандр Лукашэнка публічна словы Зяленскага пра рэтранслятары не каментаваў, але паляцеў у доўгую замежную камандзіроўку.