На выездзе з Беларусі ў Расію сілавікі кантралююць аб'ём паліва ў каністрах — MAYDAY

Запраўка, ілюстрацыйнае фота

Запраўка, ілюстрацыйнае фота

На выездзе з Беларусі ў Расію сілавікі сталі больш старанна аглядаць багажнікі і кантраляваць колькасць паліва ў каністрах. Пра гэта паведамляюць магілёўскія праваабаронцы з MAYDAY.

Закон дазваляе ў Беларусі перавозіць у металічных каністрах (савецкага ўзору) не больш за 100 літраў запаснога паліва. У Расіі норма падымаецца да 240 літраў паліва ў металічных каністрах аб'ёмам не больш за 60 літраў кожная. Хаця афіцыйна мяжа паміж Беларуссю і Расіяй адкрытая, аднак памежны кантроль з боку РФ ажыццяўляецца каля дзесяці гадоў.

На мінулых выходных праверка багажнікаў пры выездзе аўтамабілістаў у Расію ўзмацнілася.

Таксама MAYDAY адзначае, што расійскія аўтааматары сталі масава скупляць у памежных крамах металічныя 20-літровыя каністры. У поліэтыленавых каністрах паліва перавозіць праз мяжу забаронена.

Пасля ўкраінскіх атак па нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах Расіі там пачаўся сапраўдны "бензінавы голад". Праблемы з аўтамабільным палівам фіксуюцца ў мностве расійскіх рэгіёнаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.