Украіна мяркуе, што мае падтрымку Трампа, каб больш смела дзейнічаць супраць Расіі — СМІ
Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп / АР
Афіцыйны Кіеў мяркуе, што мае падтрымку Белага дома ў прымушэнні Расіі да перамоваў. У прыватным парадку Дональд Трамп заклікаў Уладзіміра Зяленскага дзейнічаць "больш смела". Пра гэта ў гутарцы з выданнем Kyiv Independent сказаў высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік.
Гэтае паведамленне было агучана ў час, калі Кіеў актывізуе намаганні па сустрэчы паміж Зяленскім і Пуціным. Ідэю такой сустрэчы падтрымлівае Трамп, але Крэмль імкнецца ўхіліцца ад яе.
"Трамп кажа, што ён не верыць, што Пуцін зробіць што-небудзь без ціску", — цытуе выданне словы чыноўніка пра нядаўнюю сустрэчу Трампа і Зяленскага.
Амерыканскія чыноўнікі не пацвердзілі, што Трамп падтрымлівае ўкраінскія ўдары па тэрыторыі Расіі, але заявілі, што прэзідэнт ЗША лічыць сілу ключавым фактарам: "Прэзідэнт (Трамп) верыць у мір праз сілу".
Зяленскі выказаў гатоўнасць сустрэцца з Пуціным у нейтральнай краіне. Аднак Крэмль настойвае на ягоным прыездзе ў Расію.
Падчас сустрэчы 16 чэрвеня Зяленскі прапанаваў Трампу арганізаваць саміт у ЗША з удзелам прэзідэнтаў Украіны і Расіі. На думку Кіева, ад такога запрашэння Пуціну адмовіцца будзе складана.
Амерыканскія чыноўнікі, знаёмыя з перамовамі, пацвердзілі Kyiv Independent, што Кіеў зрабіў такую прапанову. Але яны дадалі, што ў найбліжэйшай будучыні такая сустрэча не адбудзецца.