"Гукі выбухаў і стрэлаў" — у МУС сказалі, як рыхтуюцца да "Славянскага базару"
Міліцэйскія вучэнні, ілюстрацыйнае фота / прэс-служба МУС
Перад сёлетнім фэстам "Славянскі базар" у Віцебску МУС праверыць падрыхтаванасць падраздзяленняў "да забеспячэння грамадскага парадку".
Як паведамляе прэс-служба ведамства, праверка зойме два дні — 23 і 24 чэрвеня. На працягу дня могуць часова спыніць праезд усіх відаў транспарту па праспекце Фрунзэ. Магчымае перамяшчэнне спецыяльнай і ваеннай тэхнікі.
Таксама віцяблянаў папярэджваюць пра гукі выбухаў і стрэлаў у цэнтры горада:
"Правядзенне аднаго з этапаў прадугледжана на тэрыторыі канцэртнай пляцоўкі "Летні амфітэатр". Паблізу аб'екта могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў. Хвалявацца не варта".