“Прыязджайце” і “Не едзьце, ідзе вайна” — два розныя Крымы
Два Крыма / Калаж Еўрарадыё
Турыстычнае агенцтва “Багіра-турызм” працягвае рэкламаваць туры ў Крым з Віцебска, Магілёва і Оршы. Першы арганізаваны рэйс стартаваў 16 чэрвеня, пра што супрацоўніца фірмы з энтузіязмам паведаміла ў TikTok.
Усяго за некалькі дзён відэа сабрала амаль шэсцьсот каментароў, і іх танальнасць далёкая ад рэкламнай:
— Якім месцам думаюць і арганізатары, і іх кліенты?
— Вы сур’ёзна ці жартуеце? Сёлета ехаць туды — вар’яцтва!
— Кампанія вырашыла падзарабіць грошай, нягледзячы ні на што, так?
— Мала было гісторыі з аўтобусам …
Нягледзячы на крытыку, “Багіра-турызм” не спяшаецца прызнаваць, што адпачынак у акупаваным Крыме можа быць небяспечным.
22 чэрвеня (пасля таго, як украінскія беспілотнікі атакавалі порт і нафтабазу ў Керчы) на канале з’явілася яшчэ адно відэа.
— Верым толькі таму, што бачым на ўласныя вочы. Надвор’е цудоўнае, прырода выдатная, Крым — любоў назаўсёды! — кажа ўсё тая ж супрацоўніца кампаніі, стоячы на фоне гары ў Новым Свеце.
У каментарыях карыстальнікі рэагуюць іранічна:
— Чаму не паказваеце пляжы, забітыя людзьмі?
— Відаць, сезон зноў не задасца, — жартуюць каментатары.
Усё спакойна?
Калі пагартаць сацыяльныя сеткі некаторых крымскіх супольнасцей, складваецца ўражанне, што нехта даў указанне пераконваць грамадскасць у тым, што адпачынак на акупаванай тэрыторыі выдатны і бяспечны: маўляў, “ну так, дроны лётаюць, бензінам запасліся, але ў астатнім усё добра”.
Сёння TikTok літаральна завалены відэаролікамі, у якіх карыстальнікі паказваюць прыгожыя крымскія краявіды або адрэстаўрыраваныя славутасці.
Толькі вось пра тое, што паставіць шэзлонг няма куды, людзі часта паведамляюць, дэманструючы фота ці відэа… з напаўпустымі пляжамі.
Больш кемлівыя выкарыстоўваюць іншы прыём: здымаюць невялікі пляж у разгар дня, дзе колькасць людзей на першы погляд можа стварыць уражанне аншлага. Хоць многія яшчэ памятаюць, якімі былі сапраўдныя аншлагі на крымскім узбярэжжы да акупацыі.
@puteszestwijaigorsima ЯЛТА, Обстановка в Крыму. 22.06.2026, Температура воды в Черноморье Море растёт, +22 градуса. Ялтинская Набережная и Приморский Пляж Всем хорошего отдыха #обстановкавкрыму #отдыхвялте #отдыхвкрыму #пляживкрыму ♬ оригинальный звук - puteszestwijaigorsima
Гукі вайны і эвакуацыя дзяцей — людзі ж не сляпыя!
Словы пра “спакой” дрэнна спалучаюцца з гісторыямі людзей, якія асабіста сутыкнуліся з наступствамі вайны.
Днямі ў цэнтры ўвагі апынулася гісторыя з дзіцячымі лагерамі ў Крыме. Частка дзяцей, якія накіроўваліся на змены, больш за дзевяць гадзін прастаялі каля Крымскага моста праз атакі ўкраінскіх беспілотнікаў.
Вось як апісвае сітуацыю адна з дзяўчынак, якая ехала ў лагер.
— Мы ехалі цягніком з Краснадара да Керчы. Пад’ехалі да Крымскага моста, дзе прастаялі 9 гадзін, а можа і больш. Мы думалі: ну добра, Крымскі мост закрылі — і ўсё. Але не. Нас прапусцілі, і мы паехалі па Крымскім мосце.
Едзем, радуемся, думаем, што ўсё нармальна, але тут бачым велізарны пажар на нейкай станцыі. І там увогуле ўсе спалохаліся.
Потым мы выйшлі з цягніка, пайшлі на аўтавакзал чакаць аўтобус у Сімферопаль. Стаім, а справа — вялізны пажар. Было вельмі шмат дыму і смярдзела гарэлым.
Потым мы селі ў аўтобус, ехалі спакойна, спалі ці размаўлялі, прыехалі на базу. Вельмі доўга стаялі, але медагляд прайшлі хутка. Нам раздалі па два сухія пайкі ад “Артэка” і яшчэ нейкі сухпаёк. Потым раздалі булачкі і іншае, пасля мы доўга чакалі, калі аўтобусы размяркуюць па лагерах.
Мы зноў доўга стаялі. Я прачэкала тэлефон, а там усе пішуць: “Усе дэлегацыі заварочваюць. Тыя, хто не паспеў даехаць, едуць дадому”. Потым мне патэлефанавала мама. Яна была ў поўнай істэрыцы, казала, як за мяне баіцца. Потым нас засялілі ў “Янтарны”, выдалі форму.
Уначы я чытала чат і пісала, што ўсё гэта фэйк. Але раніцай пасля нарады я даведалася, што гэта зусім не фэйк і што ўсіх развозяць дадому…
Іншыя дзеці расказваюць у TikTok, як доўга чакалі змены і ўвесь год “пахалі” дзеля добрых адзнак, каб атрымаць запрашэнне.
Некаторыя пішуць, што тое, што адбываецца, усё менш нагадвае часовыя нязручнасці і ўсё больш — зацяжны крызіс. У каментарыях абмяркоўваюць магчымыя меры падтрымкі для бізнесу і насельніцтва, пытаюцца, чаму ўлады дагэтуль не гавораць пра кампенсацыі, і задаюцца пытаннем, чаму сітуацыя на паўвостраве афіцыйна не прызнаецца надзвычайнай.
— Робіцца ўжо проста сапраўды жахліва, — піша адна з карыстальніц, перажываючы, што праз праблемы з палівам яе сям’я можа застацца без заробку.
— Выдатны пачатак сезона: турысты стаяць у чэргах, мясцовыя не могуць заправіць машыну, — піша яшчэ адзін чытач Аксёнава.
На фоне ўсіх гэтых гісторый “казкі” пра перапоўненыя людзьмі пляжы і крымскі спакой выглядаюць зусім непераканаўча. І чым гучней гучаць заклікі “прыязджайце адпачываць”, тым больш людзей адказваюць: “Вы сур’ёзна? Там ідзе вайна”.