“Дроны лётаюць, людзі адпачываюць”. Ці бяспечна ехаць беларусам на адпачынак у Крым?
Крымскі мост / ria
У акупаваным Расіяй Крыме пачаўся паліўны крызіс (на паўвостраве дзейнічае абмежаванне ў 20 літраў паліва на аўтамабіль), назіраюцца праблемы з пастаўкамі ежы ў крамы. Але ж беларускія турфірмы па-ранейшаму адпраўляюць туды турыстаў на адпачынак.
З траўня Украіна нанесла не менш за 375 удараў па грузавіках, бензавозах і іншых транспартных сродках, якія накіроўваліся з Расіі ў Крым. Мэта гэтай тактыкі — ізаляваць паўвостраў ад расійскіх паставак.
Надоечы расійскае выданне “Агенцтва” пісала, што самі расіяне пачалі масава адмяняць свае падарожжы на крымскія курорты. Да прыкладу, за 10 дзён паліўнага крызісу ў адным з гатэляў Бахчысарайскага раёна колькасць адмоў перавысіла паказчык за ўвесь мінулы год. Загрузка гатэля складае ў сярэднім 30% замест планаваных 65–70%. З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ўладальнікі гасцявых дамоў пад Алуштай, дзе было адменена 90% чэрвеньскіх заездаў.
Ці паедуць туды беларусы ў гэтых умовах? Еўрарадыё пад выглядам занепакоенай уладальніцы пуцёўкі ў Крым патэлефанавала ў беларускія турагенцтвы, каб спраўдзіць, што там думаюць пра падарожжы на паўвостраў.
Нагадаем, паводле ўкраінскага закона, Крым мае статус часова акупаванай тэрыторыі. Наведванне паўвострава праз тэрыторыю Расіі з’яўляецца парушэннем і для замежнікаў можа скончыцца забаронай на ўезд ва Украіну.
“Дроны лятаюць паўсюль”
Тэлефануем у першую агенцыю з пуцёўкай у Феадосію. Паездка для двух дарослых і аднаго дзіцяці на два тыдні туды будзе каштаваць 800-900 долараў (дарога + гатэль). Спецыялістка па тэлефоне кажа, што ўсе аўтобусы ходзяць па раскладзе.