Чыноўнікі хочуць забараніць ладзіць святы і вяселлі на лецішчах
Лецішча, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Чыноўнікі хочуць забараніць аказваць у Беларусі паслугі па арганізацыі адпачынку, правядзенні святаў, вяселляў ды іншых масавых мерапрыемстваў на лецішчах. Пад забарону могуць трапіць нават паслугі па арэндзе лазні. Адпаведны законапраект вынесла на грамадскае абмеркаванне Мінэканомікі.
У абгрунтаванні да законапраекта чыноўнікі кажуць, што цяпер закон дазваляе здаваць лецішчы ў арэнду, у тым ліку ў кароткатэрміновую. Але некаторых суседзяў гэта не задавальняе: яны скардзяцца ў дзяржорганы на шум, гучную музыку і размовы, а таксама забруджванне навакольнага асяроддзя.
Акрамя таго, кажуць у Мінэканомікі, садоўніцкія таварыствы з'яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі. А выкарыстанне садовага доміка разам з лазняй, альтанкай і прылеглай зонай адпачынку ўжо з'яўляецца дзейнасцю, якую часткова можна аднесці да паслуг аграэкатурызму. Такія паслугі дазволеныя толькі ў населеных пунктах.