Лукашэнка цяпер больш баіцца Украіны, чым Расіі — меркаванне Фрыдмана

Пагрозы Зяленскага падзейнічалі. Што далей?

Пагрозы Зяленскага падзейнічалі. Што далей? / LookByMedia

— Я думаю, што Лукашэнка для сябе вырашыў — і, верагодна, ужо даўно, — што лепш прайграць барацьбу за наратыў. Гэта вельмі непрыемна для яго. Непрыемна, што цяпер кажуць: Лукашэнка слабы, Лукашэнка выканаў ультыматум, Лукашэнка паддаўся ціску Зяленскага. Але, верагодна, лепш перажыць такія палітычныя непрыемнасці, чым сапраўды ўцягнуцца ў вайну, — лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман.

Верагодна, Беларусь адключыла рэтрансляторы, якія навадзілі дроны падчас нападаў на Украіну — Аляксандр Лукашэнка выканаў патрабаванне Уладзіміра Зяленскага. А што далей? Прэзідэнт Украіны згадваў Мазырскі НПЗ, заводы і інфраструктуру. Чакаць далейшых пагроз і патрабаванняў? І ўдараў?

На гэтую тэму у эфіры Еўрарадыё разважае гісторык Аляксандр Фрыдман.

— Для Украіны гэта быў своеасаблівы тэст. Зяленскі мог бы 19 чэрвеня выйсці і сказаць: "Вось я патрабую беларускія НПЗ, патрабую, каб яны перасталі пастаўляць сваю прадукцыю ў Расійскую Федэрацыю, а калі гэтага не будзе — будзем наносіць па іх удары".

Але ён зрабіў інакш. Яны вельмі добра падрыхтаваліся. Ён выходзіць і гаворыць пра рэтрансляторы. Рэтрансляторы — гэта непрыемны момант у кантэксце тых дронаў, якія ляцяць праз тэрыторыю Беларусі супраць Украіны. Але гэта не самае сур'ёзнае, што цяпер адбываецца на фронце.

Таму тое, што зрабіў Зяленскі, — гэта такі невялікі крок. Маўляў: вось гэтыя рэтрансляторы, іх трэба прыбраць. У вас ёсць тыдзень, каб гэта зрабіць.

І на гэтым ён не спыніўся. Далей ён згадаў прадпрыемствы, якія працуюць на расійскую ваенную прамысловасць. Там былі і беларускія НПЗ.

Праўда, адкрытых пагроз у іх бок не прагучала. Ну, як сказаць — у кантэксце размовы пра рэтрансляторы гэта ўсё роўна выглядала як намёк. Але прамой пагрозы наконт НПЗ, маўляў, "у вас ёсць тыдзень, каб перастаць працаваць на Расію", не было, — кажа Фрыдман.

Вырашыўшы абмежавацца лакальнай пагрозай, якую мэту пераследвала Украіна?

— Магчыма, каб паглядзець: у якім стане знаходзіцца Лукашэнка, як ён будзе рэагаваць, як будзе рэагаваць прапаганда.

Гэта была такая камбінацыя, у якой Украіна фактычна мала чым рызыкавала. Таму што пагрозы з боку Лукашэнкі для Украіны цяпер нельга назваць сур'ёзнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.