Набліжаецца час жорсткіх рашэнняў у дачыненні да супрацы Лукашэнкі з Пуціным — эксперт
Украінская ракета "Фламінга" / gazeta.ru
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў для СБУ 40-дзённую кампанію ціску на Расію, мэтай якой з'яўляецца прымус Масквы да спынення вайны. Гэта адбываецца на фоне пастаянных удараў Украіны па Крыме. УСУ практычна ператварылі паўвостраў у востраў.
Адначасова ўвага Зяленскага прыкавана і да Беларусі. Ён запатрабаваў адключыць рэтранслятары, якія дапамагаюць наводзіць расійскія дроны. Даў зразумець, што ведае пра пастаўкі паліва арміі Расіі з Мазырскага НПЗ. Указаў на памежную інфраструктуру, якая можа мець і ваеннае значэнне для атакі Украіны.
Ваенныя аналітыкі сталі казаць пра новую ролю Украіны ў рэгіёне і пра пералом у ходзе вайны. Што азначаюць удары па Крыме і патрабаванні ў адрас Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказвае ваенны эксперт, аглядальнік групы “Інфармацыйны супраціў” Аляксандр Каваленка.
— Украіна зараз пачала аперацыю, якая накіравана на мінімізацыю пагроз з боку Крыма. Трэба разумець, што сам паўвостраў немагчыма вызваліць нейкім дэсантам або прамым ваенным умяшаннем. Таму зараз Крым у першую чаргу ізалюецца — для знясілення расійскай групоўкі, якая знаходзіцца на паўвостраве, і для таго, каб мінімізаваць яго ролю як транзітнага вузла для мацерыковай часткі поўдня Украіны. Менавіта для гэтага і быў створаны лагістычны лакдаўн, — сцвярджае эксперт.
Зрэшты, да вызвалення Крыма яшчэ далёка, папярэджвае Каваленка.
— Але само вызваленне Крыма магчымае толькі пасля таго, як Украіна вызваліць Херсонскую вобласць або Запарожскую вобласць. То-бок без вызвалення мацерыковага поўдня Украіны вызваленне самога Крыма становіцца надзвычай складанай задачай з вялізнымі стратамі. Украіна не гатовая ісці на такія страты.
Таму ўсё будзе адбывацца паступова, крок за крокам. Менавіта таму гэты працэс будзе расцягнуты ў часе. Якіх-небудзь хуткіх вынікаў у бліжэйшы час чакаць не варта, — кажа Каваленка.
40-дзённая кампанія па ціску на Расію немагчымая без ціску на Крым, і гэта новая стратэгія прымусу да перамоваў, якой раней не было, распавядае ваенны эксперт.
— 40 дзён ціску на Расію і Крым — гэта, безумоўна, адзін з элементаў гэтай стратэгіі. Кіраўніцтва краіны і прэзідэнт Украіны спрабуюць прымусіць Расію вярнуцца да дыпламатычнага шляху і пачаць весці нармальныя перамовы, а не так, як гэта адбывалася ў мінулым годзе, калі Расія размаўляла з Украінай выключна мовай ультыматумаў і фактычна патрабавала ад Кіева капітуляцыі.
Хоць сама Расія зараз знаходзіцца ў сітуацыі, калі блізкая да сур'ёзных праблем.