Зяленскі агучыў публічнае патрабаванне, а не ультыматум — амбасадар Чарнагор
Яраслаў Чарнагор / "Белсат"
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не выстаўляў ніякага ультыматуму беларускім уладам наконт рэтранслятараў, а проста публічна агучыў патрабаванне. Пра гэта ў інтэрв'ю DW паведаміў амбасадар Міністэрства замежных справаў Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор.
"Юрыдычна мы ніякага ультыматуму Беларусі не выстаўлялі. Проста патрабаванне, агучанае прэзідэнтам публічна, прагучала ў катэгарычнай форме, таму медыя паўсюль пішуць "ультыматум". І паколькі там ёсць пэўны час, гэты тэрмін здаецца зручнейшым для выкарыстання", — тлумачыць Чарнагор.
Ён мяркуе, што Лукашэнка можа дзейнічаць толькі ў тых межах, якія дазволіць Крэмль. І калі Масква пагодзіцца з далейшай роллю Беларусі як тылавой базы расійскага войска, то Лукашэнка можа пайсці на нейкія саступкі. "Але калі з Крамля надыдзе загад пра павышэнне эскалацыі ці ўступленне Беларусі ў вайну, то, мяркую, воля Лукашэнкі будзе адыгрываць абсалютна другасную ролю", — сцвярджае дыпламат.
Чарнагор кажа, што Украіна працягне праз дыпламатычныя каналы дамагацца змяншэння ўдзелу Беларусі ў вайне. Украіна, паводле яго, не хоча вайны з Беларуссю, але гатовая адказаць на магчымую пагрозу не так, як было ў 2022-м, калі ўварванне адбылося ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.
"Калі сітуацыя складзецца так, што з тэрыторыі Беларусі будзе ісці высокі ўзровень небяспекі, я мяркую, паўтарэння 2022 года не будзе, калі ўкраінскія ўлады дзеля канцэнтрацыі сілаў на ўсходзе і поўдні, па сутнасці, замарозілі вайну на поўначы", — адзначае Чарнагор.
Дыпламат кажа, што Украіна не плануе ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Беларусі ў выпадку эскалацыі: "Нам чужая тэрыторыя не патрэбная. Нам патрэбна зліквідаваць небяспеку".
Разам з тым ён цалкам выключае выкарыстанне беларускіх вайсковых часцей, у тым ліку палку Каліноўскага, у спецаперацыях на тэрыторыі Беларусі. Чарнагор падкрэслівае, што і полк Каліноўскага, і Беларускі добраахвотніцкі корпус і іншыя структуры з'яўляюцца часцямі Узброеных сілаў Украіны.
"Тое, што яны ёсць іншаземнымі грамадзянамі, не азначае, што яны могуць ажыццяўляць нейкія вайсковыя дзеянні з тэрыторыі Украіны самастойна. Яны вайскоўцы Узброеных сілаў Украіны і выконваюць загады галоўнага і вярхоўнага камандуючых. Таму я не магу прагназаваць такога развіцця падзеяў", — заяўляе дыпламат.
А стварэнне беларускіх вызвольных часцей на тэрыторыі Беларусі — "гэта справа беларусаў, а не ўкраінцаў".