Расійскі вайсковец запісаў зварот да Пуціна і прыгразіў новым мяцяжом

лунин обращение к путину

Расійскі вайсковец Аляксандр Лунін / euroradio.fm

Расійскі вайсковец запісаў зварот да Пуціна і прыгразіў новым мяцяжом. За 7 гадзін ролік Аляксандра Луніна ў інстаграме сабраў больш за 5 млн праглядаў і 170 тысяч лайкаў.

У звароце ён патрабуе магчымасці сустрэцца з Пуціным і выступіць у жывым эфіры, інакш, кажа мужчына: "войска разверне зброю супраць Крамля". Таксама Лунін кажа, нібыта з ім сустракаліся чыноўнікі і прадстаўнікі Мінабароны РФ, якія вырашылі перадаць праз яго пасланне расійскаму прэзідэнту. Чаму менавіта праз яго, Лунін не ўдакладняе.

"У дадзены момант дзясяткі, сотні, тысячы нашых салдат сядзяць у зінданах [у "ямах"] пакараныя сваімі камандзірамі. Сядзяць, гніюць, падвяргаюцца катаванням і гвалту з боку так званых гестапа. Яны адмовіліся выконваць тупыя самазабойныя загады. Яны адмовіліся аддаваць свае фінансавыя сродкі.

І ў канчатковым выніку іх абнуляюць [забіваюць], робяць без вестак прапаўшымі. Уладзімір Уладзіміравіч, звярніце на гэта ўвагу, Запрасіце мяне да сябе", — кажа мужчына.

Вайсковец апублікаваў свой зварот на наступны дзень пасля заканчэння бунту Прыгожына (23-24 чэрвеня 2023), калі калона вагнераўцаў ішла на Маскву з патрабаваннямі да кіраўнікоў Генштаба і Мінабароны. Той мяцеж спыніўся — нібыта праз ролю Лукашэнкі, які хваліўся сваім удзелам і дапамогай Пуціну. Потым з'явіліся злівы размоў паміж Лукашэнкам і Прыгожыным, з якіх вынікае, што ён сапраўды спрабаваў супакоіць кіраўніка "Вагнера". Той бунт спыніўся, а 23 жніўня 2023-га Прыгожын загінуў у авіякатастрофе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.