Украіна стварае новыя брыгады, каб адбіваць магчымы наступ з тэрыторыі Беларусі
Аляксандр Сырскі / president.gov.ua
Украіна "на фоне пагрозы" з Беларусі адчувае неабходнасць ствараць новыя брыгады, каб гарантавана адбіваць магчымы наступ. Пра гэта галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны (УСУ) Аляксандр Сырскі заявіў у інтэрв'ю выданню LIGA.net.
Ён спаслаўся на даныя ўкраінскай разведкі, якая паведамляе пра ўзмацненне ціску Расіі на Мінск. У сувязі з гэтым украінскія памежнікі не выключаюць магчымых правакацый ці нават новага ўварвання з тэрыторыі Беларусі.
На думку Сырскага наступам з паўночнага кірунку расіяне хочуць кампенсаваць адсутнасць поспеху на асноўных напрамках. У выніку, паводле яго, даўжыня лініі актыўнага фронту можа павялічыцца на 160 км.
Афіцыйны Мінск падтрымлівае Расію ў агрэсіі супраць Украіны ад самага пачатку шырокамаштабнай вайны — з лютага 2022 года. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.