Дзеці, пацярпелыя ў Бранскай вобласці, пачуваюцца здавальняюча — Мінздароўя
Аўтобус пасля дронавай атакі / Ягор Кавальчук
Усе дзеці, пацярпелыя падчас дронавай атакі ў Бранскай обласці, пачуваюцца здавальняюча. Побач з імі знаходзяцца бацькі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
"Дарослы пацыент застаецца стабільны. Вядзецца планавая клінічная праца, аказваецца неабходная медыцынская дапамога, сітуацыя — на кантролі Міністэрства аховы здароўя", — гаворыцца ў каментары прэс-службы.
17 чэрвеня аўтобус, у якім ехала дзіцячая футбольная каманда з Рэчыцы, трапіў пад дронавую атаку ў Бранскай вобласці Расіі. Шэсць чалавек атрымалі траўмы (адзін хлопчык і адзін дарослы — цяжкія), загінула жанчына — жонка аднаго з трэнераў.
Расійскі Следчы камітэт і Аляксандр Лукашэнка ўсклалі віну за атаку на ўкраінскі бок. У сваю чаргу Генштаб УСУ заявіў, што ў азначаны час на тэрыторыі Бранскай вобласці не наносіў удары беспілотнікамі па цэлях.