З'явіўся "зліў" размоў Рыжанкова. Але гэта выглядае як ШІ
Кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў / МЗС Беларусі
Расійская прапаганда апублікавала "зліў" размовы нібыта кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова. Беларускія прапагандысты кінуліся абвяргаць — маўляў, голас згенераваны праз ШІ.
На відэа Рыжанкоў нібыта кажа пра здзелку з амерыканцамі і магчымасць інвестыцый. "Кошт не мае ніякага значэння. Усё потым кампенсуем за кошт суседзяў", — гучыць у роліку.
Той выпадак, калі яны могуць не хлусіць. Еўрарадыё праверыла гук і адразу некалькі сэрвісаў паказалі высокую верагоднасць таго, што голас сінтэзаваны.
Але важна тут не тое, ці сапраўды Рыжанкоў з кімсьці абмяркоўваў здзелку з амерыканцамі, бо тут са 100% дакладнасцю складана сказаць. Важна іншае: набліжаны да Крамля буйны тг-канал зрабіў укід наўпрост напярэдадні нечаканай камандзіроўкі Лукашэнкі ў Маскву. Гэта, вядома, не ўзровень "Хросных бацькаў", але сігналам можа быць выразным.