Змаганне рэжыму Лукашэнкі супраць беларускай культуры мае беспрэцэдэнтны маштаб — Латушка
Павел Латушка / Еўрарадыё
"На працягу дзесяцігоддзяў Лукашэнка змагаўся з беларускай культурай, але зараз гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы". З такой заявай намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Павел Латушка выступіў на пасяджэнні Камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ, паведамляе прэс-служба АПК.
У свім выступе ён падкрэсліў, што сёння культура стала адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Яна ж стала асноўнай арэнай гібрыднай вайны Расіі супраць Беларусі, мэтай якой з’яўляецца перафарматаванне беларускай ідэнтычнасці.
На сённяшні дзень, паводле звестак Беларускага ПЭНа, палітзняволенымі з’яўляюцца як мінімум 117 прадстаўнікоў культурнай сферы. Звальненні па палітычных матывах пасля 2020 года закранулі не менш за 428 дзеячаў культуры, а больш за 260 арганізацый, звязаных з культурным сектарам, былі ліквідаваныя.
Вядучыя незалежныя беларускія выдавецтвы на тэрыторыі краіны былі цалкам ліквідаваныя. Працы беларускіх гісторыкаў, а таксама творы класікаў беларускай літаратуры былі ўнесеныя ў спісы "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Міністэрства інфармацыі забараніла распаўсюд 258 кніг.
Ад 2019-га па 2024 год колькасць назваў кніг на беларускай мове скарацілася з 1271 да 893, а іх агульны наклад абваліўся амаль на 700 000 асобнікаў.
У сваёй прамове Латушка згадаў сістэмнае паляванне на рэдактараў і адміністратараў беларускамоўнай Вікіпедыі, якое адбылося ў 2024-2025 гадах. За гэты час колькасць новых артыкулаў па-беларуску ў Вікіпедыі знізілася да гістарычнага мінімуму.
Беларускамоўныя тэатры, як зазначыў Латушка, праходзяць праз прымусовую русіфікацыю. Больш за 50 гісторыкаў былі звольненыя ці вымушаныя пакінуць краіну. Беларускую гісторыю актыўна перапісваюць у рамках расійскіх наратываў. Помнікі беларускім нацыянальным героям зносяць, а на іх месцы ставяць фігуры з расійскай гісторыі.
"Доўгі час Захад разглядаў Беларусь пераважна праз прызму крызісу правоў чалавека, але гэта небяспечная памылка. Сёння культура і ідэнтычнасць — гэта лінія фронту", — падкрэсліў Латушка.
Ён прапанаваў наступныя меры па падтрымцы беларускай культуры і ідэнтычнасці:
— палітычнае прызнанне этнацыду і ўвядзенне санкцый;
— стварэнне Еўрапейскага фонду беларускай культуры;
— стварэнне асобнай падпраграмы для беларусаў на 2–3 гады ў межах праграмы "Крэатыўная Еўропа" (Creative Europe);
— прадстаўленне мэтавых грантаў на лічбавізацыю беларускіх архіваў і кніг.