Германія перакідвае 5000 вайскоўцаў да мяжы з Беларуссю

Нямецкія вайскоўцы

Нямецкія вайскоўцы / BILD

Германія працягвае перакідваць войскі ў Літву для абароны ўсходняга флангу NATO. Да канца 2027 года там плануецца размясціць амаль пяць тысяч нямецкіх вайскоўцаў на пастаяннай аснове, піша BILD.

Міністр абароны Літвы Робертас Каўнас адзначае, што падрыхтоўка ідзе з апярэджаннем графіка. Там, дзе раней быў густы лес, цяпер з'яўляюцца новыя жылыя дамы, школы, дзіцячыя садкі і медыцынскія ўстановы.

"Што датычыць першай фазы будаўніцтва, мы нават на дзесяць месяцаў апярэджваем план. Гэта азначае, што мы вельмі далёка прасунуліся ў стварэнні інфраструктуры і можам раней пачаць другую фазу. [...] Мы можам зыходзіць з таго, што Германія і Літва ў кожным разе будуць гатовыя да канца 2027 года, калі не раней. Брыгада будзе цалкам абсталяваная і гатовая", — заявіў ён у каментары журналістам.

Цяпер у Літве ўжо размешчаныя каля 1800 нямецкіх вайскоўцаў. У гэтым месяцы яны удзельнічаюць у вучэннях у Пабрадзе — за 20 кіламетраў ад беларускай мяжы. Вучэнні носяць назву Freedom Shield ("Шчыт свабоды"). 45-я танкавая брыгада на гэтых вучэннях узаемадзейнічае з 203-м танкавым батальёнам і часцямі 122-га мотапяхотнага батальёна. Абодва батальёны павінны пераехаць у Літву ў наступным годзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.