Беларускія дэмсілы перадалі Украіне даклад, як Лукашэнка рыхтуе Беларусь да вайны
Аляксандр Лукашэнка з вайскоўцамі / прэс-служба Лукашэнкі
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў афіцыйны ліст міністру замежных спраў Украіны Андрэю Сібігу. Да ліста ён дадаў 30-старонкавы даклад пра тое, як Беларусь ператвараецца ў ваенны плацдарм Расіі. Дакумент падрыхтавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, паведамляе прэс-служба АПК.
У дакладзе адзначаюцца наступныя прыкметы таго, што рэжым Лукашэнкі актыўна рыхтуе Беларусь да прамога ўступлення ў вайну ці прадастаўлення тэрыторыі для новых удараў:
1. На "рэферэндуме" 2022 года была змененая Канстытуцыя, у выніку чаго Беларусь перастала быць нейтральнай і бяз’ядзернай краінай. Новая ваенная дактрына 2024 года афіцыйна дазваляе наносіць прэвентыўныя ўдары пры "непасрэднай пагрозе" і адпраўляць беларускае войска за мяжу.
2. Маштабнае разгортванне сіл. Ад 2022 года колькасць кантрактнікаў вырасла ў паўтара раза, мабілізацыйны рэзерв ацэньваецца ў 289 тысяч чалавек. На ўкраінскім кірунку ствараецца Паўднёвае аператыўнае камандаванне (агульная колькасць войскаў можа вырасці больш за 80 тысяч). Таксама ў Беларусі апошнія гады ствараецца "народнае апалчэнне". Выкарыстоўваецца расійскі досвед: позвы могуць прыходзіць праз СМС, у войска дазволена прымаць зняволеных.
3. Эканоміка пераходзіць на ваенныя рэйкі. Абаронныя выдаткі бюджэту за апошнія чатыры гады выраслі ў пяць разоў. ВПК Беларусі цалкам інтэграваны з расійскім, уведзены татальны рэжым сакрэтнасці. Толькі за 2024 год на ўзбраенне прынялі больш за 4 тысячы новых адзінак ваеннай тэхнікі.
4. У Беларусі на пастаяннай аснове дыслакуюцца расійскія войскі, размяшчаецца тактычная ядзерная зброя і ракетны комплекс "Арэшнік". Трэніруюць беларускіх вайскоўцаў інструктары скандальна вядомай ПВК "Вагнер".
5. Уздоўж межаў з Украінай, Польшчай і Літвой будуюцца лініі абароны. Інфраструктура (масты, аэрадромы) мадэрнізуецца пад цяжкую расійскую тэхніку. У школах увялі абавязковую ваенную падрыхтоўку, а дзясяткі тысяч дзяцей абавязаныя праходзіць праз спецыяльныя ваенна-патрыятычныя лагеры.
6. Мінздароўя Беларусі ўжо зацвердзіла інструкцыі для жорсткага сартавання параненых ва ўмовах ваеннага часу. У Мінску правялі рэвізію пяці тысяч бомбасховішчаў, рэгулярна тэстуюцца сістэмы апавяшчэння, а для патрэб апалчэння на раённых узроўнях масава закупляюць бронекамізэлькі.
7. Таксама адбываецца назапашванне стратэгічных рэсурсаў. Абавязковыя рэзервы нафтапрадуктаў павялічаныя ўдвая (да 30 дзён захоўвання). Мінабароны пашырыла спіс грамадзянскай тэхнікі, якую будуць мабілізоўваць падчас вайсковага стану. Савет міністраў прыняў 15 траўня пастанову №249, згодна з якой грамадзянскі аўтатранспарт прадпрыемстваў можна прымусова фармаваць у ваенныя аўтакалоны.
8. У Беларусі адбываюцца бесперапынныя маштабныя ваенныя манеўры. Гэта выкарыстоўваецца для схаванай верыфікацыі мабілізацыйных спісаў і падтрымання высокага ўзроўню псіхалагічнага напружання ў грамадстве.
Як паведамляе прэс-служба АПК, у дакуменце, перададзеным Украіне, ёсць і канкрэтныя рэкамендацыі па прадухіленні найгоршага сцэнару і стрымліванні агрэсіўных амбіцый рэжыму Лукашэнкі.