Журналіст Алесь Любянчук выйшаў на волю і пакінуў Беларусь

Алесь Любянчук

Алесь Любянчук

Журналіст Алесь Любянчук пасля другога тэрміну пакінуў Беларусь. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Журналіста затрымалі 2 верасня 2025 года. Яго абвінавацілі ў "распальванні варожасці" за негатыўныя каментары на адрас уладаў і ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" па "справе Гаюна". Сем месяцаў Любянчук правёў пад вартай у гродзенскім следчым ізалятары.

У сакавіку 2026-га суддзя Валерый Шпак прысудзіў яму 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Але тры гады яму залічылі ў адпаведнасці з адбытым папярэднім прысудам. Суд вырашыў так зрабіць, бо новае "злачынства" адбылося прыкладна ў той жа час, што і папярэдняе, за якое журналіст ужо адсядзеў.

Такім чынам, застаўся год пакарання. Але час у СІЗА лічыўся як дзень за паўтара. У выніку ў калоніі Любянчук правёў два тыдні — частку ў каранціне, а частку ў штрафным ізалятары (ШІЗА). У траўні яго вызвалілі.

Папярэдні раз Любенчука затрымалі ў траўні 2022-га і асудзілі на тры гады калоніі па абвінавачанні ва  "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні". Ён цалкам адбыў прысуд і выйшаў на волю ў студзені 2025 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.