На чыгуначнай станцыі пад Мінскам з кантэйнера выцекла высокатаксічнае хімічнае рэчыва

Разліў хімічнага рэчыва на станцыі пад Мінскам

Разліў хімічнага рэчыва на станцыі пад Мінскам / МНС

Высокатаксічнае хімічнае рэчыва талуілендыізацыянат выцекла з кантэйнера на тэрыторыі чыгуначнай станцыі Мінскага раёна, паведамляе прэс-служба МНС.

На месцы аварыі працавалі ратавальнікі. Талуілендыізацыянат моцна раздражняе слізістыя абалонкі вачэй, дыхальныя шляхі і скуру. Пры ўдыханні пары можа развіцца астма.

Ратавальнікі адчапілі платформу з кантэйнерам ад цягніка і накіравалі на перагон для разгрузкі бочак і выяўлення месца цечы. Выявілася, што былі пашкоджаныя чатыры 200-літровыя бочкі, адна бочка была зусім пустой.

Разліў небяспечнага хімічнага рэчыва ўнутры кантэйнера нейтралізавалі з выкарыстаннем кальцынаванай соды. Пашкоджаныя бочкі загрузілі назад у кантэйнер і адправяць у пункт прызначэння на аўтамабілі.

Пацярпелых пры здарэнні няма. Затрымкі пасажырскіх і грузавых цягнікоў не зарэгістраваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.