Стала вядома пра яшчэ адну смерць на "Беларуськаліі" за апошнія дні — СМІ
Аляксей Чарапок / фота з яго старонкі "Вконтакте"
11 чэрвеня стала вядома, што на "Беларуськаліі" загінуў 50-гадовы рабочы, а яшчэ двое атрымалі траўмы.
Гэта не апошняя трагедыя на прадпрыемстве за тыдзень, піша "Наша Ніва". Там загінуў яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства, Аляксей Чарапок.
34‑гадовы мужчына працаваў на бярозаўскім рудніку "Беларуськалія", на падземным участку ўнутрышахтавага транспарту. Ён загінуў падчас выканання сваіх працоўных абавязкаў: падчас выгрузкі ролікаў для канвеераў яго раздушыў пагрузчык.
Выданне паведамляе, што Аляксей гуляў у Салігорску ў міні-футбол, выступаў у складзе каманды "Арэса" з Любані, бегаў паўмарафоны.
Таксама па сацсетках бачна, што ён быў заўзятым рыбаловам.
У Аляксея засталася маленькая дачка.