У Віцебску праваліўся грунт каля жылых пяціпавярховікаў
Падмыты грунт у Віцебску / МНС
Падраздзяленні МНС у Віцебску працуюць на месцы падмыву грунту на вуліцы Шрадэра, побач з жылымі дамамі 8, 8А, 10. Ратавальнікаў выклікалі зранку 8 чэрвеня.
Пацярпелых няма. Аднак Віцебскі гарвыканкам арганізаваў камісію па надзвычайнай сітуацыі, каб выявіць прычыны і прыняць меры бяспекі.
Як адзначае канал vitebsk_info, мясцовы жыхар папярэджваў пра небяспеку яшчэ ў сакавіку. Тады віцяблянін выклаў у сацсетках відэа, у якім заявіў, што рэканструкцыя каналізацыйнага калектара пайшла не па плане: катлаван пачало заліваць, уздоўж лініі праходкі з'явілася прасадка грунту, а ў правалах стаяла вада.
Мужчына адкрыта казаў, што далейшая прасадка можа пашкодзіць камунікацыі і пагражае пяціпавярховаму дому, размешчанаму побач. У канцы роліка віцяблянін прасіў, каб пракуратура і Дзяржкантроль праверылі якасць выкананых работ і знайшлі адказных за магчымыя памылкі.