Са стайняў у Ратамцы пад Мінскам высяляюць 90 "прыватных" коней

Коні на стайні ў Ратамцы

Коні на стайні ў Ратамцы / www.threads.com/@di_plyusha

Са стайняў у Ратамцы пад Мінскам высяляюць 90 "прыватных" коней. У тым ліку і тых, на якіх выступаюць спартоўцы. Вызваліць стайні трэба да 1-га ліпеня.

"Коні — не скрынкі на складзе. Іх нельга проста выставіць за плот. Дапамажыце агучыць гэта, лік ідзе на гадзіны!", — перажывае карыстальніца Threads, якая трымае сваіх коней у Ратамцы.

Справа ў тым, што адміністрацыя Цэнтра Алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту вырашыла змяніць правілы, паводле якіх арандуюцца стайні. "Для аптымізацыі кіравання патокам заяўнікаў, падвышэння празрыстасці працэсу заключэння дамоваў і паляпшэння якасці абслугоўвання далейшае заключэнне дамоваў будзе ажыццяўляцца па выніках электроннага аўкцыёну (конкурсу)", — сказана ў лісце, які атрымалі прыватныя ўласнікі коняў.

А каб размяркоўваць месцыў стайнях на аўкцыёне, іх спачатку трэба вызваліць. "Нашыя бестэрміновыя дамовы зрабілі кароткатэрміновымі: на падпісанні не далі праставіць дату, аддалі нашы экзэмпляры праз паўтара месяца — і вось такім чынам мы даведаліся, што жыць нам у Ратамцы засталося яшчэ месяц", — расказвае, як развіваўся канфлікт, адна з "прыватных уласніц каня". А 26-га чэрвеня прыйшоў ліст, згодна з якім "выселіцца" са стайняў трэба да 1-га ліпеня.

"У мяне два спартовыя коні ў Цэнтры. Яны ў спісе юніёрскай зборнай, дачка — майстар спорту, выступае заўсёды за Цэнтр і на сваіх прыватных, і на дзяржаўных конях, з годнасцю прадстаўляе сваю краіну на ўсіх стартах, выйграе і рэспубліканскія, і міжнародныя спаборніцтвы. Нам крытычна важная ратамская спартыўная інфраструктура! А атрымліваецца, што нашыя намаганні і вынікі нікому не патрэбныя, нас таксама выганяюць", — расказвае Вольга Садава пра сітуацыю, у якой апынулася яе дачка Алёна.

"І што мне рабіць, калі я не змагу гэты аўкцыён выйграць?", — дадае жанчына. 

"Адна справа — бізнес. Іншая — спрабаваць весці яго там, дзе любая неасцярожнасць пацягне за сабой смерці жывёлаў", — пішуць у каментарах.

Са стайняў у Ратамцы пад Мінскам высяляюць 90 "прыватных" коней

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.