Інтэрв’ю з ваеннапалонным: прыніжэнне ці інфармаванне. Разбірае юрыстка

Ваеннапалонныя знаходзяцца пад асаблівай абаронай

Ваеннапалонныя знаходзяцца пад асаблівай абаронай / Скриншот видео

У інтэрнэце з’явіліся чарговыя відэаінтэрв’ю з беларускімі ваеннапалоннымі, якія ваявалі на баку Расіі супраць Украіны. Спачатку на канале ўкраінскага блогера Дзмітрыя Карпенкі было апублікавана відэа з 18-гадовым беларусам.

Затым BELPOL на сваім канале выклаў размовы з некалькімі беларусамі, якія пайшлі ваяваць у армію Расіі супраць Украіны.

Наколькі такія інтэрв’ю этычныя? Ці не парушаюць яны правы ваеннапалонных? У якім выглядзе яны могуць быць апублікаваныя?

На гэтыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвала юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзяйкала.

— Міжнароднае гуманітарнае права (МГП) не адрознівае агрэсара і ахвяру. І Украіна, і Расія маюць аднолькавыя абавязкі ў дачыненні да ваеннапалонных, — звяртае ўвагу экспертка.

Што важна разумець пра ваеннапалонных увогуле?

— Як толькі чалавек трапляе ў палон, ён больш не з'яўляецца камбатантам, ён спыняе ўдзел у баявых дзеяннях і больш не з'яўляецца легітымнай ваеннай мэтай. Ён становіцца ўразлівай асобай, таму што выведзены з бою, не мае зброі, не ўяўляе непасрэднай ваеннай пагрозы і цалкам залежыць ад улады той краіны, якая ўзяла яго ў палон.

Логіка такая: камбатант падчас бою можа быць законнай мэтай, але пасля трапляння ў палон ён ужо не ўяўляе ваеннай пагрозы. Ён становіцца чалавекам, якому гарантуецца гуманнае абыходжанне і абарона.

Менавіта таму ваеннапалонныя знаходзяцца пад асаблівай абаронай. І стандарт гэтай абароны вельмі высокі, таму што яны знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы: гэта вораг, якога ўзялі ў палон, ён без зброі і больш не можа сам забяспечыць сабе бяспеку.

Відавочна, што да іх нельга прымяняць гвалт, катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання. Гэта базавы прынцып гуманнага абыходжання, — нагадвае Дзяйкала.

Але інтэрв’ю з ваеннапалонным — гэта не катаванне і не гвалт. Не ўсё так проста, сцвярджае юрыстка.

— Ёсць яшчэ адзін важны крытэрый — забарона рабіць ваеннапалонных аб’ектам цікаўнасці натоўпу. Гэта прама прапісана ў Жэнеўскіх канвенцыях. Па-англійску гэта называецца “public curiosity” — "грамадская цікаўнасць".

Што гэта азначае?

Любыя публічныя матэрыялы, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць ваеннапалоннага, могуць разглядацца як парушэнне гэтай нормы. Дзяржава можа паведамляць пра сам факт узяцця людзей у палон, пра колькасць палонных, умовы іх утрымання і іншыя агульныя звесткі. Таксама магчыма публікаваць абязлічаныя фота або відэа.

Праблема ўзнікае тады, калі канкрэтны чалавек становіцца аб’ектам публічнай дэманстрацыі: калі можна зразумець, хто гэта, што гэта канкрэтная асоба, якая знаходзіцца ў палоне.

Интервью с военнопленным: унижение или информирование. Разбирает юристка

Напрыклад: "Вася Пупкін — ваеннапалонны". Менавіта такая ідэнтыфікацыя можа быць праблемнай.

Важна, што нават калі публікацыя не суправаджаецца абразамі або прыніжэннем, сам факт паказу канкрэтнага ваеннапалоннага шырокай аўдыторыі можа прыніжаць яго годнасць і падпадае пад абарону ад "цікаўнасці натоўпу".

Гэтая норма, дарэчы, узнікла з практыкі Першай сусветнай вайны, калі праводзіліся парады ваеннапалонных, людзі збіраліся глядзець на іх, маглі крычаць, абражаць і прыніжаць. Менавіта з гэтага вырас сучасны стандарт абароны, — тлумачыць Дэйкала.

Але ёсць выпадкі, калі паказ ваеннапалонных можа быць дапушчальны? Так, ёсць такія выпадкі, сцвярджае экспертка.

— Напрыклад, калі відэа або фота з’яўляюцца доказам ваенных злачынстваў або калі трэба ідэнтыфікаваць асобу ваеннапалоннага. Нават калі ёсць падстава паказваць чалавека, гэта павінна рабіцца максімальна асцярожна: з замазаным тварам, змененым голасам і без магчымасці яго ідэнтыфікацыі, — кажа юрыстка.

Наколькі тады інтэрв’ю BELPOL з палоннымі беларусамі дапушчальнае?

— Калі браць канкрэтныя інтэрв’ю з ваеннапалоннымі, напрыклад відэа, дзе яны распавядаюць, што пайшлі на вайну, таму што ім абяцалі грошы, то мэта такіх матэрыялаў зразумелая. Магчыма, яна нават можа быць апраўданая — паказаць людзям наступствы ўдзелу ў вайне.

Але такую мэту можна было б дасягнуць іншым спосабам: змяніць голас, схаваць твар, не называць імя і іншыя персанальныя дадзеныя.

Акрамя таго, у такіх інтэрв’ю можа прысутнічаць элемент псіхалагічнага ціску або прапаганды. Нават калі чалавек кажа праўду і яго сапраўды не прымушалі да запісу, гэта не азначае, што ўсе яго правы аўтаматычна выкананыя.

Важна разумець: тое, што да чалавека не ўжывалі фізічную сілу, не азначае, што іншыя яго правы не могуць быць парушаныя.

Таксама чалавек не можа проста сваёй згоды адмовіцца ад правоў, якія яму гарантуе міжнароднае гуманітарнае права. Ваеннапалонны можа не ведаць, якія ў яго ёсць правы, таму што яму маглі гэтага не растлумачыць.

Таму пытанне ў пачатку відэа: "Вас прымушалі? Вас прывялі сюды сілай?" — само па сабе нічога не вырашае. Добра, што чалавека не прымушалі фізічна, але гэта не азначае аўтаматычную адсутнасць іншых парушэнняў.

На мой погляд, менавіта ў такім фармаце паказ ваеннапалонных не апраўданы грамадскім інтарэсам. Мэты, напрыклад, папярэдзіць іншых людзей пра небяспеку ўдзелу ў вайне, можна было дасягнуць без раскрыцця іх асобаў.

Таму такія матэрыялы, паводле маёй экспертнай ацэнкі, маглі падпадаць пад забарону дэманстрацыі ваеннапалонных для "цікаўнасці натоўпу", — падсумоўвае юрыстка-міжнародніца Кацярына Дзяйкала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.