Ва Украіне абвяргаюць парушэнне мяжы беларускім грузавым самалётам

Самалёт Іл-62

Самалёт Іл-62 / Getty Images

Ва ўкраінскіх сацсетках распаўсюдзіліся звесткі, быццам увечары 25 чэрвеня беларускі грузавы самалёт Іл-62 заляцеў у Чарнігаўскую вобласць, а потым перасёк мяжу з Малдовай.

Гэтую інфармацыю абвяргае камандаванне Паветраных сіл УСУ, перадае hromadske.ua.

Як сцвярджаецца, паведамленне распаўсюдзілася па сацсетках ад праекта Flightradar24. Украінскія вайскоўцы звяртаюць увагу, што гэты сайт не з'яўляецца афіцыйнай крыніцай інфармацыі пра паветраную прастору і не нясе адказнасці за падачу непраўдзівай ці недакладнай інфармацыі.

Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны мяркуе, што адбылася памылка сістэмы. Паводле звестак вайскоўцаў, ва ўкраінскую паветраную прастору не залятаў ніводзін самалёт.

"Паветраныя сілы кругласутачна нясуць баявое дзяжурства па выяўленні паветраных мэтаў як над тэрыторыяй Украіны, так і далёка за яе межамі. Акрамя таго, інфармацыя пра паветраныя пагрозы кругласутачна і аператыўна публікуецца на афіцыйных медыярэсурсах Паветраных сіл у Telegram, WhatsApp, Viber", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.