Украіна будзе люстэркава адказваць рэжыму Лукашэнкі — кіраўнік МЗС Сібіга
Андрэй Сібіга / МЗС Украіны
На дзеянні Беларусі Украіна будзе адказваць люстэркава. Пра гэта міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга сказаў падчас размовы з журналістамі, перадае hromadske.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства падкрэсліў, што Украіна не чакае непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне, аднак уважліва адсочвае ўсе магчымыя пагрозы.
"Учора, напрыклад, мы атрымалі ноту ад беларускага боку праз нашу амбасаду ў Мінску пра тое, што яны прапануюць нейкі рэжым наведвання ў памежнай зоне, спасылаючыся на ўжо несапраўдныя дакументы. Украіна выходзіла з дакументаў — як у межах СНД, так і з Беларуссю. Гэта значыць, трэба правільна счытваць такія прапановы. Чаму менавіта цяпер? Чаму менавіта памежжа? Што гэта значыць? Наша памежная служба ўжо дала афіцыйны адказ аб незацікаўленасці ў такіх прапановах", — пракаментаваў міністр.
Паводле яго, украінскія службы, у прыватнасці разведка, уважліва сочаць за развіццём сітуацыі на тэрыторыі Беларусі ў кантэксце пагроз для Украіны. Яны адсочваюць і змены ў структуры вайсковых падраздзяленняў, і запланаваныя сумесныя мерапрыемствы з расіянамі, і выкарыстанне беларускай інфраструктуры для нападаў на Украіну.
"Прэзідэнт Украіны пра гэта афіцыйна папярэдзіў. І я думаю, што беларускі бок выразна ўсведамляе, што такія папярэджанні — не пустыя. Калі агучваюцца прэзідэнтам Украіны, то, безумоўна, мы чакаем рэакцыю і не толькі ў гэтым блоку пагроз", — дадаў Сібіга.