Экс-сілавікі і "людзі Шэймана" стварылі фірму па экспарце зброі — БРЦ
Зброя, ілюстрацыйнае фота / t.me/BILD_Russian
Да кампаніі, якая займаецца экспартам зброі, маюць дачыненне былыя сілавікі, а зарэгістраваць яе дапамог начальнік юраддзела аднаго з прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Гэта высветліў Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ) з дапамогай "Кіберпартызанаў" і "Рабочага руху".
Кампанія "Грандспецтрэйдынг" увайшла ў лік спецэкспарцёраў у лютым 2026-га. Пры заснаванні яна атрымала права займацца аптовым гандлем шырокім пералікам тавараў — ад лекаў, парфумы і бытавой хіміі да цацак, ювелірных вырабаў і лому. А ўжо праз тры месяцы ў гэты пералік дадалася і прадукцыя ваеннага прызначэння.
"Грандспецтрэйдынг" стала чацвёртай арганізацыяй у Беларусі, якая мае права на экспарт зброі. Тры іншыя кампаніі працуюць на рынку ўзбраенняў і тавараў падвойнага прызначэння яшчэ з 1990-х.
Дырэктарам кампаніі ў сакавіку 2026 года стаў Яўген Галоўчыц. На пачатку 2000-х ён служыў у сістэме МУС, потым працаваў у дзяржсакратарыяце Савета бяспекі Беларусі, а пасля гэтага — у Аператыўна-аналітычным цэнтры, які адказвае за абарону дзяржаўных сакрэтаў, інфармацыйную бяспеку і кантроль за крытычна важнай інфармацыйнай інфраструктурай краіны.
Ад сакавіка 2022 года палкоўнік юстыцыі Галоўчыц быў намеснікам начальніка Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта. 18 сакавіка 2026-га Галоўчыца праводзілі ў адстаўку, а на наступны дзень ён стаў дырэктарам "Грандспецтрэйдынгу".
БРЦ высветліў, што Галоўчыц меў пашпарт прыкрыцця на імя Яўгена Іванавіча Малахоўскага. Гэта легальны дакумент, які выдаюць аператыўнаму супрацоўніку альбо агенту для аператыўнага ўкаранення і аператыўнага эксперыменту.
Таксама расследвальнікі даведаліся, што да рэгістрацыі кампаніі мае дачыненне супрацоўнік адной з арганізацый Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — Аляксандр Юрачкін. У БРЦ мяркуюць, што гэта чалавек Віктара Шэймана, якога называлі "шэрым кардыналам" пры Лукашэнку.
За некалькі месяцаў да адстаўкі Шэймана Юрачкін пачаў па сумяшчальніцтве працаваць у ЗАТ "Вектар Капітал Груп". Гэтая кампанія лічыцца ценявой бізнес-імперыяй Шэймана.
Таксама Юрачкін фігуруе ў спісе супрацоўнікаў ТАА "Комплекс-Інвест" у Мінску. Гэтая кампанія займаецца будаўніцтвам VIP-аб'екта пад Сочы — імавернай першай замежнай рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі.
Журналісту, які тэлефанаваў пад выглядам кліента, Юрачкін параіў звярнуцца да Уладзіміра Скулаўца. Незалежныя СМІ называлі яго кіраўніком спецпадраздзялення, створанага ў канцы 90-х па распараджэнні Шэймана, і писали, што ён мае дачыненне да палітычных забойстваў і знікненняў апанентаў Лукашэнкі.
У сярэдзіне двухтысячных журналісты называлі яго "самай даверанай асобай Шэймана". Ад студзеня 2020-га па лістапад 2022-га Скулавец працаваў памочнікам кіраўніка справамі Лукашэнкі — гэта значыць, амаль 18 месяцаў быў правай рукой Шэймана. Паводле звестак на снежань 2025-га, Скулавец працаваў у "Вектар Капітал Груп" на пасадзе намесніка дырэктара.