Расія можа зладзіць правакацыі ў краінах Балтыі — кіраўнік польскай выведкі
Галоўны разведчык заклапочаны таксама залежнасцю Беларусі ад Масквы / Agencja Wywiadu
Агенцтва выведкі Польшчы разглядае сцэнарыі правакацый Расіі у краінах Балтыі, у тым ліку з удзелам так званых "зялёных чалавечкаў" — ваеннаслужачых без знакаў адрознення. Такую думку выказаў у інтэрв'ю газеце "Rzeczpospolita" кіраўнік агенцтва палкоўнік Павел Шота.
"Расія сістэматычна зрушвае чырвоныя лініі, тэстуючы рэакцыю НАТО. Выдаткі такіх правакацый для Масквы нізкія, а Альянс рэагуе пераважна палітычна, што падахвочвае далейшую эскалацыю", — адзначыў кіраўнік польскай выведкі.
Таксама ён заявіў, што Расія здольная весці ваенныя дзеянні ва Украіне яшчэ некалькі гадоў, а Уладзімір Пуцін не адмовіцца ад вайны.
Паводле слоў Шоты, Крэмль гатовы ахвяраваць дабрабытам грамадства, эканомікай і інвестыцыямі дзеля магчымасці абвясціць аб перамозе. Вайна стала для Пуціна пытаннем гонару — ён імкнецца да таго, каб яна ўвайшла ў падручнікі гісторыі як яго поспех.
"Уладзімір Пуцін з'яўляецца заложнікам уласнага паражэння і будзе эскалаваць", — заявіў палкоўнік Шота.
Ён таксама выказаў заклапочанасць узмацняючымся падпарадкаваннем Беларусі Маскве: на тэрыторыі краіны ствараюцца аб'екты, якія дазваляюць размясціць сістэмы дастаўкі ядзернай зброі, у тым ліку ракеты "Арэшнік", праводзяцца ядзерныя вучэнні.
Пры гэтым Агенцтва выведкі падтрымлівае ўласныя каналы сувязі з Мінскам — у прыватнасці, гэта дазволіла дамагчыся вызвалення Анджэя Пачобута.