Экс-старшыня Гомельскага гарвыканкама Прывалаў знайшоўся ў СІЗА — СМІ
Уладзімір Прывалаў / Гомельскі аблвыканкам
Былы старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў, адпраўлены ў адстаўку месяц таму, стаў фігурантам крымінальнай справы. Пра гэта піша выданне "Флагшток" са спасылкай на крыніцу, звязаную з выканаўчай уладай.
Афіцыйных паведамленняў наконт Прывалава няма. Аднак крыніца выдання сцвярджае, што экс-чыноўніка вінавацяць у махінацыях з перапродажам кватэр.
У справе ёсць і іншыя фігуранты-чыноўнікі. Прывалава, як паведамляецца, трымалі ў Гомельскім СІЗА, але нядаўна маглі адпусціць пад падпіску аб нявыездзе.
Дарэчы, адзін з папярэднікаў Прывалава, старшыня гарвыканкама Віктар Піліпец у 2014 годзе быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі па справе аб карупцыі і махінацыях з нерухомасцю. Яго і шэраг іншых чыноўнікаў прызналі вінаватымі ў незаконным размеркаванні і прысваенні 24 новых кватэр.
Уладзімір Прывалаў кіраваў Гомелем каля трох з паловай гадоў. Развітваючыся з ім, старшыня аблвыканкама Іван Крупко "ад сябе асабіста і ад усіх гомельцаў" дзякаваў "за пераўтваральную дзейнасць, якую ён развіваў у горадзе".