Карупцыя, хабар і канфлікт інтарэсаў — Генпракуратура праверыла сістэму Мінэнерга

Генпракуратура Беларусі

Генпракуратура Беларусі

Генеральная пракуратура праверыла, як выконваецца антыкарупцыйнае заканадаўства ў Міністэрстве энергетыкі і арганізацыях, якія ўваходзяць у яго сістэму. Як вынікае з паведамлення Генпракуратуры, выконваецца яно не надта добра.

Ад пачатку 2026 года ў энергетычнай сферы пачалі 14 крымінальных справаў карупцыйнай накіраванасці. Частку з іх ініцыявала непасрэдна Генпракуратура.

Найбольш частымі праявамі карупцыі пракурорскія работнікі назвалі атрыманне хабару за прыняцце рашэнняў у інтарэсах асобных суб'ектаў гаспадарання. Гэта, у прыватнасці, выбар канкрэтных пастаўшчыкоў пры закупках, садзейнічанне аплаце па заключаных дагаворах на пастаўку абсталявання, а таксама парушэнні пры ўводзе ў эксплуатацыю аб'ектаў і сістэм энерга- і цеплазабеспячэння.

Таксама ў Генпракуратуры заяўляюць пра неабгрунтаванае пасярэдніцтва падчас закупак і прадпрымальніцкую дзейнасць, якой займаліся людзі, для якіх такая дзейнасць абмежаваная або забароненая заканадаўствам.

Праверкі таксама выявілі выпадкі выкарыстання маёмасці арганізацый у асабістых мэтах, унясенне недакладнай інфармацыі ў табелі ўліку працоўнага часу, а таксама парушэнні вызначанага парадку прадухілення і ўрэгулявання канфлікту інтарэсаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.