На Віцебшчыне правялі конкурс для папулярызацыі сельсаветаў, але зрабілі яго закрытым
Так паказаныя Кублічы ў прэзентацыйным відэа / t.me/patriotushachi
У Віцебскай вобласці чыноўнікі падвялі вынікі конкурсу відэаролікаў "Мой родны кут, як ты мне мілы!" Мэтай конкурсу называлі папулярызацыю дзейнасці мясцовых саветаў дэпутатаў і ўмацаванне іх іміджу.
Але штосьці пайшло не так ад самага пачатку. На конкурс прыйшло толькі 25 работ, хаця ў вобласці налічваецца 196 саветаў першаснага ўзроўню, адзначае vitebsk_info. Атрымліваецца, прэзентацыю падрыхтавала толькі каля 13% саветаў.
Яшчэ больш дзіўна выглядае характар конкурсу. Пры абвешчанай мэце папулярызацыі самі відэаролікі амаль нідзе не паказалі — пабачыла іх толькі камісія. У адкрытым доступе ўдалося знайсці хіба што ролік Кубліцкага сельсавета Ушацкага раёна.
Дый гэты ролік месцамі выглядае як антырэклама. Аўтары паказваюць парослыя травой руіны 300-гадовага касцёла, нібы дэманструючы, да якога стану мясцовыя ўлады давялі гістарычны помнік.