Беларусы просяць паставіць бел-чырвона-белы сцяг на Грунвальдскім полі

Карціна Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва"

Карціна Яна Матэйкі "Грунвальдская бітва"

Беларусы звярнуліся да кіраўніцтва музея Бітвы пад Грунвальдам з просьбай паставіць бел-чырвона-белы сцяг. Яны хочуць, каб беларускі нацыянальны штандар з'явіўся поруч з польскім, літоўскім і ўкраінскім.

Адпаведная петыцыя з'явілася ў інтэрнэце, цяпер ідзе збор подпісаў пад ёй.

"Грунвальдская бітва 1410 года стала адной з найважнейшых падзей у гісторыі народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У гэтай бітве палякі, беларусы, літоўцы, украінцы, татары і прадстаўнікі іншых народаў Еўропы супольна абаранялі свае дзяржавы — Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае — ад знешняй агрэсіі Тэўтонскага ордэна. Гэта была барацьба за права жыць на сваёй зямлі, захоўваць сваю культуру, сваю веру і сваю свабоду.

Супольная перамога аказалася поўнай і пераломнай. Яна прывяла да таго, што пагроза заваявання народаў нашай часткі Еўропы знешнімі захопнікамі была ліквідаваная на стагоддзі, а Грунвальд стаў сімвалам адзінства, узаемнай падтрымкі і агульнай адказнасці за будучыню", — гаворыцца ў петыцыі.

Пад Грунвальдам змагаліся ў тым ліку харугвы з беларускіх земляў — Полацка, Віцебска, Мінска, Навагрудка, Гродна ды іншых гарадоў.

Чырвона-зялёны афіцыйны сцяг на Грунвальдскім полі не паставілі — з увагі на палітыку цяперашняй дзяржавы.

Актывісты просяць адзначыць удзел беларусаў усталяваннем нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга: "Усталяванне бел-чырвона-белага штандара на Грунвальдскім полі стане не толькі актам гістарычнай справядлівасці і ўшанаваннем укладу беларусаў у супольную перамогу 1410 года, але і сімвалам будучых перамог на шляху да свабоды, салідарнасці і адраджэння беларускага народа".

Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.