Прэм'ер Польшчы: "Мы ведаем пра пагрозы"

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск / Agencja Wyborcza.pl

Польскі прэм'ер назваў бліжэйшыя месяцы "крытычнымі" ў каментары для СМІ пасля з'яўлення публікацый пра магчымасць падрыхтоўкі Расіяй правакацыі супраць Польшчы.

"Я не хачу нікога палохаць, але найбліжэйшыя месяцы могуць быць крытычнымі, асабліва ў краінах Балтыі, гэтыя асцярогі адчуваюцца", — заявіў у пятніцу прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Ён падкрэсліў, што Польшча "вельмі інтэнсіўна рыхтуецца да розных сцэнароў".

"Давайце не будзем баяцца, давайце рыхтавацца, але мы не можам недаацэньваць сітуацыю. Мы ведаем пра пагрозы, у тым ліку дзякуючы інфармацыі ад нашых саюзнікаў", — дадаў Туск.

Як раней паведамляў Onet са спасылкай на крыніцы, ЗША папярэдзілі польскі бок пра падрыхтоўку вайсковай правакацыі з боку РФ, якая можа адбыцца ўжо ў бліжэйшыя месяцы. Як адзначаюць крыніцы выдання, расійскі напад мог бы быць арганізаваны з Калінінградскай вобласці або з тэрыторыі Беларусі. Яго мэта — прымусіць саюзнікаў прыпыніць дапамогу Украіне. Крыніцы Onet адзначаюць, што гэтая правакацыя не будзе нагадваць "класічную вайну" і што Крэмль яшчэ не прыняў рашэнне правесці яе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.