ЗША папярэдзілі Польшчу, што РФ можа рыхтаваць правакацыю з удзелам беларусаў — СМІ
Парашутыст / t.me/brest38sso
Бліжэйшымі месяцамі Расія можа зладзіць узброеную правакацыю супраць Польшчы. Існуе некалькі верагодных сцэнарыяў, і адзін з іх — з удзелам беларускіх салдатаў. Пра гэта піша польскае выданне Onet.
Onet са спасылкай на пяць крыніц у польскай разведцы, дыпламатычных колах і ў атачэнні прэзідэнта Караля Наўроцкага сцвярджае, што пра такую перспектыву Польшчу папярэдзілі Злучаныя Штаты. Расійскі напад мог бы быць арганізаваны з Калінінградскай вобласці або з тэрыторыі Беларусі. Яго мэта — прымусіць саюзнікаў прыпыніць дапамогу Украіне. Крыніцы Onet адзначаюць, што гэтая правакацыя не будзе нагадваць "класічную вайну" і што Крэмль яшчэ не прыняў рашэнне правесці яе.
У сцэнарах магчымай правакацыі называюць атаку дронаў на аб'екты крытычнай інфраструктуры або сімуляцыю паветраных удараў. У выніку гэтага Польшча будзе вымушаная актывізаваць сістэмы СПА. Адзін з прадстаўнікоў польскай разведкі сказаў, што пры самым экстрэмальным сцэнары можа адбыцца гібрыдная атака ў памежным рэгіёне з удзелам расійскіх ці беларускіх салдатаў — напрыклад, яны нібыта выпадкова зойдуць на тэрыторыю Польшчы праз збоі GPS або дзеля "выратавання" няспраўнага верталёта. У Крамлі разлічваюць, што ЗША прымусяць Польшчу не весці баявыя дзеянні, а пачаць перамовы з РФ ці РБ. У сваю чаргу Расія ў абмен на вывад войскаў з Польшчы запатрабуе спыніць падтрымку Украіны.