Польшча скараціла выдачу візаў замежнікам на 11% за год
Віза, ілюстрацыйнае фота
У 2025 годзе Польшча выдала замежнікам 346 885 віз. Гэта на 10,75% менш, чым за 2024-ы, і на 36,19% менш, чым у 2023 годзе. Пры гэтым грамадзяне Беларусі застаюцца самай вялікай групай атрымальнікаў польскіх віз. Пра гэта піша выданне MOST са спасылкай на звесткі консульскага Дэпартамента МЗС Польшчы.
У справаздачы адзначаецца, што пасля зменаў у візавай сістэме атрымаць візу стала больш складана. На думку МЗС, гэтыя змены павінны былі ліквідаваць прабелы ў сістэме і ўзмацніць кантроль над міграцыйнымі працэсамі.
Беларусь чацвёрты год запар займае першае месца а колькасці атрымальнікаў віз — пачынаючы з 2022 года. На другім месцы за 2025 год была Украіна, на трэцім — Кітай.
Больш за ўсё за апошнія гады скарачэнне зазналі нацыянальныя візы: у 2022-м Польшча выдала 537 952 такія візы, а ў 2025 годзе — толькі 255 286, ці на 52,5% менш.
Зменшылася і колькасць візаў для замежных студэнтаў. У 2023 годзе Польшча выдала 21 036 такіх візаў, у 2024 годзе — 15 551, а ў 2025 годзе — 11 676.