У Польшчы затрымалі беларусаў і ўкраінцаў за вярбоўку ўкраінскіх уцекачоў на дэманстрацыі
Каардынатар польскіх спецслужбаў Томаш Сямоняк / polsatnews.pl
Дзевяць грамадзян Украіны (пяць мужчын і чатыры жанчыны) і двух беларусаў затрымала польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).
Яны на расійскія грошы вербавалі ўдзельнікаў дэманстрацый сярод украінскіх уцекачоў у Польшчы, піша onet.pl. Як расказаў каардынатар польскіх спецслужбаў Томаш Сямоняк, затрыманых ужо выслалі з Польшчы.
"З восені 2025 года гэтыя асобы вербавалі і плацілі ўдзельнікам дэманстрацый, арганізаваных сярод украінскіх бежанцаў, якія пражываюць у Польшчы. Паводле высноў Агенцтва ўнутранай бяспекі, інструкцыі і сродкі для гэтай мэты паступалі з Расіі і кваліфікуюцца як спроба аперацыі ўплыву на ўкраінскіх мігрантаў у Польшчы", — удакладніў Сямоняк.
Агенцтва ўнутранай бяспекі сцвярджае, што затрыманыя мелі сувязі ў Беларусі і Расіі і дзейнічалі з восені 2025 года.
"Арганізатары імкнуліся паступова паўплываць на супольнасць украінскіх бежанцаў у Польшчы і выкарыстаць гэтую групу для прасоўвання палітычных лозунгаў. Для ініцыявання пратэстаў выкарыстоўваліся эмацыйныя тэмы, у тым ліку інфармацыя пра карупцыйныя скандалы і бягучыя падзеі ва ўнутранай палітыцы Украіны", — гаворыцца ў заяве ABW.
Арышты адбыліся ў Варшаве, Уроцлаве, Кракаве, Закапанэ і Быдгашчы.