Патрэбны сталы побыт для бясплатнага роўмінгу ў ЕС? Польскі рэгулятар даў афіцыйны адказ
Крама Play у Кракаве / M1 Kraków
Для пацвярджэння права карыстацца роўмінгам паводле прынцыпу Roam Like At Home у краінах Еўрасаюза замежнікам неабавязкова мець толькі карту сталага побыту ў Польшчы. Доказам устойлівай сувязі з Польшчай могуць быць і іншыя дакументы, прадугледжаныя заканадаўствам ЕС. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратарка Упраўлення электроннай сувязі Польшчы (UKE) Агнешка Сабуцкая.
Еўрарадыё расказвала гісторыю беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемай карыстання міжнародным роўмінгам ад мабільнага аператара Play. У іх аплачаная паслуга не ўключылася на мяжы са Славакіяй, а супрацоўнікі кампаніі запатрабавалі карту сталага побыту, каб падключыць бясплатны роўмінг.
Як высветлілася, мабільныя аператары маюць права запытаць у кліента дакументы, якія пацвярджаюць яго ўстойлівую сувязь з краінай, дзе будзе заключаны дагавор. Гэта адбываецца ў межах палітыкі добрасумленнага карыстання роўмінгам (Fair Use Policy). Яна скіравана на прадухіленне сітуацый, калі SIM-карта, набытая ў адной краіне ЕС, выкарыстоўваецца на пастаяннай аснове ў іншай краіне.
Аднак пералік такіх дакументаў вызначае не сам аператар, а заканадаўства Еўрапейскага саюза, у прыватнасці Выканаўчы рэгламент Еўрапейскай камісіі (ЕС) 2016/2286.
Да такіх дакументаў адносяцца:
- дамова найму, у тым ліку для прыгранічных работнікаў;
- ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці, якая патрабуе пастаяннай прысутнасці ў краіне;
- навучанне на дзённай форме ў вышэйшай навучальнай установе;
- дакументы, якія пацвярджаюць працяглае і рэгулярнае знаходжанне ў дзяржаве.
Пры гэтым, калі абанент не зможа прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць месца жыхарства або іншыя ўстойлівыя сувязі з Польшчай, аператар мае права прымяняць дадатковыя тарыфы за карыстанне роўмінгам на тэрыторыі ЕС у адпаведнасці з дзеючымі правіламі.