За здымкі на акцыях беларускай эміграцыі ў Польшчы затрымалі беларуса і паляка
Байцы ABW / Tomasz Siemoniak / X
Польскае Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) затрымала двух чалаве за дзейнасць на карысць беларускіх спецслужбаў.
Гаворка ідзе пра 19-гадовага беларуса і 44-гадовага паляка, паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі, перадае onet.pl.
Па заданні беларускіх спецслужбаў затрыманыя прымалі ўдзел у мерапрыемствах, якія ў Варшаве арганізоўвала беларуская меншасць. Яны запісвалі ўдзельнікаў і фатаграфавалі іх, за што атрымлівалі аплату з боку спецслужбаў.
Дабжыньскі ўдакладніў, што затрыманыя дзейнічалі як мінімум з мінулай восені. Беларусу, паводле яго словаў, 19 гадоў, ён знаходзіўся ў Польшчы афіцыйна, працаваў афіцыянтам.
"Сабраныя матэрыялы, перададзеныя за ўсходнюю мяжу, выкарыстоўваліся службамі Лукашэнкі і прапагандай рэжыму. Беларус па рашэнні суда наступныя 3 месяцы правядзе пад вартай. У паляка забралі пашпарт, забаранілі выезд з краіны і прызначылі паліцэйскі нагляд", — пракаментаваў Дабжыньскі.
Расследаванне вядзе Жэшуўскі аддзел ABW і Люблінскі аддзел Нацыянальнай пракуратуры.
Дарэчы, у лістападзе 2025 года супрацоўнікі ABW затрымалі па такім самым абвінавачанні траіх беларусаў і двух украінцаў. Як адзначаюць журналісты, могуць прайсці і далейшыя затрыманні.