У Чэхіі з 73-дзённай комы выйшаў беларус Якаў Кудзялевіч
Якаў Кудзялевіч у шпіталі пасля комы / Радыё Свабода
Пасля 73 дзён комы ў чэшскім шпіталі нечакана ачуняў 23-гадовы беларус Якаў Кудзялевіч.
"Для мяне гэта было як гром сярод яснага неба. 73 дні сын знаходзіўся ў глыбокай коме. І калі я ўзяў слухаўку, ён кажа: "Добры дзень, тата". Гэта цяжка перадаць, наколькі гэта было моцна і пранізліва", — расказаў у каментары для Радыё Свабода ягоны бацька Дзмітрый Кудзялевіч.
Прагнозы далейшага лячэння дактары даваць не рызыкуюць.
Бацька кажа, што цяпер сям’я чакае суда па міжнароднай абароне Якава і моцна непакоіцца за вынік: "Я сёння вось проста паглядзеў тыя лісты, якія нам даслалі ў падтрымку, і афіцыйныя лісты ёсць, накіраваныя на адрас чэшскага суда. Гэта і ад Офіса Святланы Ціханоўскай, і асобна ад Офіса дэмакратычных сіл у Чэхіі пад кіраўніцтвам Крысціны Шыянок, якая ўвесь час з намі ў кантакце, нас выдатна падтрымлівае, дае нам розныя каналы для дапамогі, юрыдычнай і фінансавай. Асобна хочацца падзякаваць Офісу дэмакратычных сіл ва Украіне, Святлане Шацілінай. Яна таксама з намі ў кантакце рэгулярна. Украінскі фонд "Самостійна Украіна", з якім Якаў супрацоўнічаў, яны таксама з намі ў кантакце. Каардынацыйная рада даслала нам ліст падтрымкі і экспертнае заключэнне, праваабарончы цэнтр "Вясна".
Дзмітрый Кудзялевіч быў адным з лідараў страйкаму на "Беларуськаліі". У 2020-м ён быў вымушаны ўцячы з Беларусі. Яго сын Якаў пакінуў радзіму ў 17-гадовым веку. Тры гады ён вучыўся ў чэшскім універсітэце па спецыяльнасці "біятэхналогіі", але пакінуў, калі зразумеў, што гэтая спецыяльнасць не для яго.
Хлопец падаўся на міжнародную абарону, але атрымаў адмову ад Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі. На пачатку красавіка яго знайшлі ў непрытомным стане ў пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Дактары кажуць, што Якаў прыняў шэраг медпрэпаратаў і быў адзін у непрытомным стане каля сутак. Хлопца тэрмінова перавезлі ў шпіталь.