З былых габрэйскіх могілак у Мінску прыбралі 250 надмагілляў, але абяцаюць вярнуць
Надмагіллі-мацэвы з вуліцы Сухой / t.me/moscow_region_of_minsk
Былыя габрэйскія могілкі на вуліцы Сухой у Мінску засталіся без 250 мацэваў — надмагільных камянёў. Іх усе вывезлі да сінагогі на вуліцы Даўмана.
Ініцыятары пераносу заявілі, што ў парку помнікі ляжалі "без догляду, без увагі і без імёнаў". Сабраныя мацэвы плануюць ачысціць, каталагізаваць і стварыць з іх мемарыял-лапідарый — своеасаблівы музей пад адкрытым небам. Праект рэалізуе Іўдзейскае рэлігійнае аб'яднанне.
Навіна выклікала шырокі рэзананс, бо пра вяртанне надмагілляў на ранейшае месца нічога не паведамлялася. Між тым могілкі на вуліцы Сухой былі заснаваныя ў 1868 годзе. У час Другой сусветнай вайны яны знаходзіліся на тэрыторыі гета. Там пахаваныя ў тым ліку габрэі, якіх дэпартавалі з еўрапейскіх гарадоў і расстралялі ў мінскім гета. Сёння на гэтым месцы размяшчаецца габрэйскі мемарыяльны парк.
Пасля розгаласу адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска паведаміла, што 250 гістарычных мацэваў вернуцца на ранейшае месца ў выглядзе лапідарыя.