Чэргі на расійскіх АЗС ужо бачныя нават са спадарожнікаў
Чэргі ў Атаманаўцы / BBC/Euroradio.fm
Чэргі на запраўках у Расіі цяпер бачныя з космасу. Прынамсі, у BBC атрымалася знайсці як мінімум адзін такі здымак.
На фота са спадарожніка можна ўбачыць чаргу каля сяла Атаманаўка ў Забайкальскім краі РФ. Яна з'явілася ўчора і дасягала 4,5 кіламетраў.
Як адзначае выданне, у некаторых рэгіёнах Расіі па меры пагаршэння паліўнага крызісу да аховы парадку на АЗС прыцягваюць паліцыю, казакоў і нават прадстаўнікоў нацыяналістычнай арганізацыі "Руская абшчына".
На гэтым тыдні дэфіцыт паліва мусіў прызнаць нават Пуцін, аднак ён назваў праблему "не крытычнай".
Разам з тым ва ўсё большай колькасці рэгіёнаў РФ уводзяцца абмежаванні на продаж бензіну, а сёння расійскі ўрад дазволіў продаж паліва стандарту "Еўра-3", які выкарыстоўвалі ў 1990-х.