Блакітныя елкі ў Гомелі высеклі дзеля будаўніцтва забаўляльнага цэнтра
Елкі ў Гомелі спілавалі дзеля забаўляльнага цэнтра / homeldays.org
У Гомелі на тэрыторыі былога завода "Крышталь" ідзе будаўніцтва забаўляльнага цэнтра. Пры падрыхтоўцы пляцоўкі там высеклі дарослыя блакітныя елкі.
Як заўважыла выданне "Штодзень", гэта выклікала незадаволенасць жыхароў горада.
"Няўжо нельга было ўпісаць дрэвы ў канцэпцыю і захаваць іх? Яны стаялі тут задоўга да майго нараджэння. Вельмі сумна", — піша адзін з каментатараў у сацсетках.
Многія адзначаюць, што праблема з высечкай дрэваў даўно стала сістэмнай: "Ужо гадоў пяць-сем у Гомелі сякуць усё запар. Глядзіш на фатаграфіі дзесяцігадовай даўніны — і разумееш, наколькі горад аблысеў".
Некаторыя карыстальнікі сацсетак акцэнтуюць уваг на тым, што ў многіх гарадах дарослыя дрэвы не высякаюць, а ўключаюць у новыя праекты, захоўваючы зялёныя зоны нават падчас будаўніцтва жылых комплексаў.
Раней гомельцы крытыкавалі высечку дрэваў у Піянерскім скверы, каля фабрыкі "8 Сакавіка" ды ў іншых частках горада.